СЕДЫМЕНТАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў вызначэння памераў часцінак у дысперсных сістэмах і малекулярных мас макрамалекул па скорасці седыментацыі. Для грубадысперсных сістэм выкарыстоўваюць седыментацыю ў полі гравітацыйных сіл, для высокадысперсных сістэм праводзяць С.а. з дапамогай цэнтрыфуг і ультрацэнтрыфуг. Вызначаюць канстанту седыментацыі (адносіны скорасці седыментацыі да паскарэння поля цэнтрабежных сіл), якая залежыць ад масы і формы часцінак ці малекулярнай масы макрамалекул. С.а. праводзяць з мэтай вызначэння дысперснага саставу здробненых матэрыялаў, глеб, грунтоў. У біяхіміі і малекулярнай біялогіі дазваляе ўстанавіць састаў і памеры клетачных структур, вірусаў і інш.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)